АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВК БССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — М.М.Галадзед.
М.П.Касцюк.
т. 1, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)